Калі б Арсенал гуляў у чэмпіянаце Беларусі...
Барысаўскі Арсенал не дарма празываюць "Кананірамі", альбо "Артылерыяй". Клуб базуецца фактычна ў прыгарадзе Барысава - ваенным гарадку Печы. Непадалёк знаходзіцца танкавы і артылерыйскі палігон і стрэлы, выбухі і кананада ў ваколіцах звычайная з'ява.
Заснавалі клуб працаўнікі Барысаўскага завода Аўтатрактарнага Электраабсталявання ў 1973 годзе. Яны на той час ужо пяты год выконвалі вялікі заказ па рамонце самаходных артылерыйскіх комплексаў для міністэрства абароны СССР, ганарліва (і нават фанабэрліва) задзіралі нос перад рабочымі з суседняга Завода Цяжкіх Кавальскіх Штамповак, праз што і атрымалі ад іншых барысаўцаў мянушку "Артылерысты". І так ім спадабалася гэтая назва, што калі ўзнікла пытанне як назваць новапаўсталы футбольны клуб - варыянт "Арсенал" перамог у галасаванні на прахадной завода з адназначным вынікам 83,4 %. Малавядомы ў гісторыі факт, што камісію па правядзенні гэтай апытанкі ўзначальвала маладая камсамольская актывістка з аддзелу кадраў Ліда Ярмошына.
На эмблему клуба вядома змясцілі класічную гармату накіраваную ў бок Оршы ці Магілёва (на жаль першы эскіз не захаваўся, але кажуць, што на на ім была яшчэ стужка з надпісам на лаціне "Puellae tantum fans de Dnepr Mahileu"). Гармату з якой маляваўся герб знайшлі падчас расчысткі футбольнага поля ў гаі ля берагоў Бярэзіны і па барысаўскай традыцыі бездакорна вызначылі, што гэта гармата належала асабіста Напалеону Банапарту. Бо "ну вось тут жа ён і перапраўляўся". Кажуць, тую гармату цяпер можна пабачыць у Мінску на вуліцы Карла Маркса, ля ўваходу ў гістарычны музэй.
Колеры для футболак і шортаў прапанаваў першы кіраўнік клуба - Рыгор Чэпмэн. Ён вельмі любіў жоўты і сіні колеры, а да таго ж прачытаў у часопісе "Тэхніка Маладзёжы" за сакавік 1971, што такое колеравае спалучэнне лепш за ўсё бачна ў кінескопах чорна-белых тэлевізараў Гарызонт. А на гасцявыя гульні выкарыстоўвалі форму чырвоную з белым (а дакладней бела-чырвана-белую), камплекты якой малады прэсс-сакратар каманды Зянон Пазняк аднойчы прывез з замежнай паездкі. Сам Зянон сцвярджаў, што нейкая лонданская каманда забылася на гэтую форму ў раздзявалцы, а ён проста гаспадарліва паклапаціўся, але некаторыя балбатлівыя языкі плятуць, што ўсё было абсалютна ня так і хітры Зянон ужо тады рыхтаваў глебу пад нацыянальна-адраджэнскі рух 80-ых... Тым не менш жоўта-сіні і чырвоны з белым гэта цяпер колеры Арсенала, якія лепш за імя сваёй бабулі ведае кожны нігерыец.
Пасля заснавання, з месца ў баразну Арсенал выйшаў у чэмпіянат рэспублікі. У 1974 годзе пад кіраўніцтвам Чэпмэна навасёлы чэмпіянату БССР адразу сталі чэмпіёнамі, адзяржаўшы перамогу ў 15-ці з 18-ці гульняў. У 1976 нястомнымі кананірамі быў ўзяты першы залаты дубль. І яшчэ адзін чэмпіёнскі трыюмф адбыўся ў 1979.
На вялікі жаль на гэтым першая славутая эпоха барысаўскіх гармат завершылася і надыйшлі доўгія гады нябыту і ліхалецця. Памёр Рыгор Чэпмэн. Разбегліся лепшыя гульцы. На небасхіле заззяла зорка Мінскага Дынама, а пра барысаўскага Алёшку Барыса пазабылася ты. Але адзін цікавы эпізод з тае эпохі захаваўся ў фотаархівах - малады гулец Аляксандр Л., які ўсё не мог прабіцца ў асноўны склад дынамаўцаў, прыязджаў на прагляд у Барысаў у 1980 годзе. Але акурат у дзень калі яму мусілі прапанаваць кантракт, Саша атрымаў траўму.
Вось так футбольны Барысаўскі Арсенал паспрыяў станаўленню беларускага хакею.
Другая маладосць і найбольш бліскучы перыяд у гісторыі клуба звязаны з імём Арсена Венгера. У 1996 нікому не вядомы ў Беларусі француз сенсацыйна ўзначаліў адроджаны Барысаўскі Арсенал. Тады яшчэ Прэссбол выйшаў з вялікім загалоўкам "Арсэн Хто?". Але былы галоўны настаўнік Манака, які за папярэднія гады набіў руку на самураях, сенсацыйна хутка растлумачыў футбольным беларусам хто тут хто. У 1998 срэбра, а ў 1999 першае ў новы час чэмпіёнства Арсенала. Арсэн здолеў раскрыць талент маладых зорак, будучых лідэраў сборнай Аляксандра Глеба і Віталя Кутузава, а таксама будучага вядомага трэнера Лонданскага Вулвіча - Віктара Ганчарэнкі. У 1999 годзе адбыўся і дэбют Арсенала ў еўракубках.
2000 год - срэбра чэмпіяната.
2001 - бронза.
2002 - золата, якое ў адчайнай барацьбе атрымалася адбіць у Нёмана і выдатныя поспехі ў Кубку Інтэртота.
2003, 2004 - срэбра.
2005 - правальнае пятае месца, але ўжо ў наступным 2006-ым, Венгер адзначыў свой дзесяцігадовы юбілей кіраўніцтва камандай другім залатым дублем у гісторыі клубу.
2007 - ізноў золата і адчайная барацьба за выхад у групавую стадыю Лігі Чэмпіёнаў.
І нарэшце ў 2008 здзейснілася мара Арсэна Венгера і ўсіх жыхароў Барысава пачынаючы ад князя Барыса Усяславіча- Арсенал выйшаў у групавую стадыю галоўнага эўрапейскага клубнага турніра. У Беларусь упершыню прыехаў вялікі клубны футбол, гульні мясцовых хлопцаў з Рэалам і Ювентусам выклікалі неверагодны ажыятаж. З тых часоў вялікі футбол зрабіўся больш-менш сталым госцем у Барысаве, дамінаванне Арсенала стала татальным (яшчэ 8 чэмпіёнстваў запар, два залатых дублі), мсье Арсэну праектуюць помнік на плошчы Леніна ў Барысаве, а за WENGEROUT могуць даць у лыч нават у Жодзіна.
На хвалі поспехаў Арсенал збудаваў новы, сучасны і стылёвы стадыён на 13 400 гледачоў. Спонсарскі кантракт з авіякампаніяй не прымусіў сябе чакаць і да 2027 года стадыён цяпер называецца Белавія-стэдыюм. Але ў гульнях Лігі Чэмпіёнаў і Лігі Эўропы правілы УЕФА абавязваюць называць яго без залішняга пафасу, па-простаму: Барысаў-Арэна.
На якім нас заўтра і глядзіце па тэлевізары Гарызонт.
Сообщение отредактировал Ray: 28 September 2017 - 04:47